﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
27.
Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць. 
Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае. 
Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух. 
Гнеў нястрымны і ярасьць бязьлітасная, але хто ўстаіць перад рэўнасьцю? 
Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў. 
Раны ад таго, хто любіць, выказваюць вернасьць ягоную, а пацалункі ненавісьніка шматлікія. 
Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае. 
Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё. 
Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы. 
Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка. 
Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне. 
Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя. 
Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго. 
Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён. 
Няспыннае капаньне праз дах у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя. 
Хто спрабуе схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе. 
Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго. 
Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане. 
Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека. 
Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя. 
Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго. 
Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго. 
Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх, 
бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне? 
Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў. 
Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле. 
І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх. 
