﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
24.
Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі, 
бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць. 
Мудрасьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца, 
і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю. 
Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу сваю. 
Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 
Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх. 
Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным. 
Намеры бязглуздага — грэх, і намеры блюзьнера — агіда для чалавека. 
Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая. 
Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу? 
Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных? 
Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго. 
Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне. 
Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага, 
бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце. 
Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца, 
бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе гэта ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго. 
Ня гневайся, гледзячы на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам, 
бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне. 
Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі, 
бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць. 
Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе. 
Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі. 
А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства. 
У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі. 
Выканай працу тваю звонку дому і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой. 
Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі. 
Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго». 
Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму, 
і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная. 
І паглядзеў я, і зьвярнуў на гэта сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне: 
«Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш. 
і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены». 
