﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
11.
Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму. 
Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць. 
Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх. 
Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 
Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю. 
Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім. 
Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея яго, і спадзяваньне злачынцаў прападае. 
Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго. 
Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне. 
Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, горад сьвяткуе. 
Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 
Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір. 
Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова. 
Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 
Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны. 
Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце. 
Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё. 
Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода. 
Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да зла, імкнецца да сьмерці. 
Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму. 
Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае. 
Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму. 
Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў. 
Адзін сыпе шчодра, і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее. 
Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць другіх, сам напоены будзе. 
Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае. 
Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе. 
Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць. 
Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам. 
Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы. 
Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік. 
