﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
9.
Мудрасьць пабудавала сабе дом, вычасала сем слупоў ягоных, 
закалола тое, што было на зарэз, зьмяшала віно і прыгатавала стол свой. 
Паслала служак сваіх, кліча на дзядзінцу і на вышынях гарадзкіх: 
«Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа: 
«Прыходзьце, ешце хлеб мой і піце віно, якое я зьмяшала, 
пакіньце дурноту і жывіце, і хадзіце шляхам розуму». 
Хто павучае насьмешніка, сьцягвае на сябе прыкрасьць, а хто дакарае бязбожніка, запляміцца. 
Не дакарай насьмешніка, каб ён не зьненавідзеў цябе, дакарай мудрага, і ён будзе любіць цябе. 
Настаўляй мудрага, і ён стане мудрэйшы; вучы праведнага, і ён павялічыць веды. 
Пачатак мудрасьці — страх перад ГОСПАДАМ, і веданьне Сьвятога — розум. 
Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца гады жыцьця твайго. 
Калі будзеш мудры, для сябе будзеш мудры, а калі станеш насьмешнікам — сам будзеш мець шкоду. 
Дурнота — жанчына крыклівая, неразумная і нічога ня ведае; 
сядзіць каля дзьвярэй дому свайго на пасадзе, на вышынях гарадзкіх, 
каб клікаць тых, што праходзяць дарогаю, што ідуць проста сьцежкамі сваімі: 
«Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа: 
«Вада крадзеная салодкая, і схаваны хлеб смачнейшы». 
І ня ведае той, што там мерцьвякі, і што ў цемры адхлані запрошаныя ёю. 
