﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
5.
Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго, 
каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне. 
Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей, 
але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны. 
Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца. 
Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх. 
Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх. 
Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе, 
каб не аддаць годнасьці тваёй іншым і гадоў тваіх — бязьлітаснаму, 
каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым. 
І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае. 
І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем. 
Ня слухаў я голасу настаўнікаў маіх, і не прыхіляў я вуха майго да тых, што вучылі мяне. 
Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады і народу!» 
Пі ваду з крыніцы тваёй, тую, што цячэ з калодзежу твайго. 
Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах? 
Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою. 
Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй. 
Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, грудзі ейныя няхай напойваюць цябе ў-ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды. 
Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы? 
Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго. 
Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх. 
Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй. 
