﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
2.
Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае, 
прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці, 
калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу, 
калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця, 
тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога. 
Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне. 
Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна. 
Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх. 
Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры, 
калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю. 
Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе, 
каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва, 
ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры, 
якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў, 
у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх, 
каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва, 
якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго. 
Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых; 
усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця. 
Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў, 
бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй. 
А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе. 
