﻿КНІГА ПРЫПОВЕСЬЦЯЎ.
1.
 Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, 
каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму, 
каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці, 
каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць. 
Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі, 
каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія. 
Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем. 
Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй, 
бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй. 
Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх. 
Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага; 
праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу; 
знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю. 
Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх». 
Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй, 
бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві. 
Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства. 
А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй. 
Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім. 
Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой, 
на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы: 
«Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем? 
Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае. 
Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі. 
Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае. 
Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьміхацца буду, калі прыйдзе на вас жах. 
Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхура, калі прыйдуць на вас трывога і гора, 
тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, будуць шукаць мяне, і ня знойдуць мяне. 
Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху перад ГОСПАДАМ, 
і не пайшлі за парадамі маімі, і ўзгардзілі перасьцярогамі маімі. 
Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі. 
Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх. 
А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла». 
