﻿ПСАЛЬМЫ.
146.
Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА! 
Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую. 
Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня! 
Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя. 
Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага, 
Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі, 
Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных, 
ГОСПАД расплюшчвае вочы сьляпых, ГОСПАД падымае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных. 
ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае. 
Валадарыць ГОСПАД на вякі; Бог твой, Сыёне, — з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя! 
