﻿ПСАЛЬМЫ.
145.
Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна! 
Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна. 
Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная. 
Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць. 
Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць. 
Пра магутнасьць дзеяньняў страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць. 
Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй. 
Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны. 
Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя. 
Няхай славяць Цябе, ГОС­ПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе! 
Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць, 
каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага. 
Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях. 
Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных. 
Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час. 
Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня. 
Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх. 
ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе. 
Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх. 
ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць. 
Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна. 
