﻿ПСАЛЬМЫ.
142.
Навучаньне Давіда, калі ён быў у пячоры. Малітва. 
Голасам маім я крычу да ГОСПАДА, голасам маім прашу ГОСПАДА пра літасьць. 
Перад абліччам Ягоным я выліваю смутак мой, пра трывогу маю перад абліччам Ягоным апавядаю. 
Калі зьнемагае ў-ва мне дух мой, Ты ведаеш сьцежку маю. На дарозе, якой я хаджу, яны таемна наставілі сіло на мяне. 
Гляджу я ўправа, і бачу, што няма нікога, хто б ведаў мяне; загінуў прытулак мой, ніхто не шукае душы маёй. 
Я крычу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, кажучы: «Ты — прыстанішча маё, Ты — частка мая ў зямлі жывых!» 
Зваж на галашэньне маё, бо вельмі я зьнямогся; ратуй Ты мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. 
Вызваль з вязьніцы душу маю, каб я славіў імя Тваё. Праведнікі абступаюць мяне навакол, бо Ты робіш дабро для мяне. 
