﻿ПСАЛЬМЫ.
141.
Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ, клічу Цябе! Пасьпяшайся да мяне! Прыхілі вуха на голас мой, калі клічу да Цябе! 
Няхай будзе малітва мая як кадзіла перад абліччам Тваім, а ўзьніманьне рук маіх — як дар вечаровы! 
Пастаў, ГОСПАДЗЕ, варту вуснам маім, захоўвай дзьверы губаў маіх! 
Ня дай прыхіліцца сэрцу майму да словаў ліхіх, да чыненьня справаў бязбожных з людзьмі злачыннымі, і няхай ня буду я есьці ласункі іхнія. 
Няхай б’е мяне праведнік, бо гэта міласэрнасьць; няхай карае мяне, бо гэта алей для галавы, які не пашкодзіць галаве маёй; бо малітва мая — супраць ліхоты іхняй. 
Няхай будуць скінутыя ў рукі Скалы судзьдзі іхнія, і пачуюць яны словы мае, бо яны прыемныя. 
Быццам нехта трушчыць і сячэ дровы на зямлі, так сыплюцца косткі нашыя ў пашчу пекла. 
Але да Цябе, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, вочы мае; у Табе я маю надзею, не зруйнуй Ты душы маёй. 
Захавай Ты мяне ад пасткі, што яны наставілі на мяне, ад сіла, што наставілі злачынцы. 
Няхай патрапяць усе разам бязбожнікі ў сеці свае, а я абміну іх. 
