﻿ПСАЛЬМЫ.
132.
Сьпеў узыходжаньня. Узгадай, ГОСПАДЗЕ, пра Давіда і ўсе беды ягоныя, 
як ён прысягаў ГОСПАДУ, даваў абяцаньне Моцнаму Якуба: 
«Не ўвайду ў намёт дому майго, не ўзыйду на пасьцель ложка майго, 
ня дам вачам маім сну і павекам маім дрымоты, 
пакуль не знайду месца для ГОСПАДА, сялібы для Моцнага Якуба!» 
Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Яару. 
Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся перад падножжам стопаў Ягоных. 
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг моцы Тваёй! 
Сьвятары Твае няхай апрануцца ў праведнасьць, і багабойныя Твае няхай радуюцца! 
Дзеля Давіда, слугі Твайго, не адварочвай аблічча ад памазанца Твайго! 
Прысягаў ГОСПАД Давіду праўду і не адступіцца ад яе: «Таго, хто ёсьць плод улоньня твайго, Я пасаджу на пасадзе тваім. 
І калі сыны твае будуць захоўваць запавет Мой і сьведчаньні Мае, якім Я буду навучаць іх, таксама сыны іхнія будуць вечна сядзець на пасадзе тваім». 
Бо ГОСПАД выбраў Сыён, пажадаў, каб быў сялібай для Яго, кажучы: 
«Вось месца супачынку Майго вечна. Тут буду жыць, бо яго ўпадабаў. 
Дабраслаўляючы, дабраслаўлю здабытак ягоны, убогіх ягоных насычу хлебам. 
І сьвятароў ягоных апрану ў збаўленьне, і багабойныя ягоныя, радуючыся, радавацца будуць. 
Там Я ўзрашчу рог Давіду, там пастаўлю сьветач памазанцу Майму. 
Ворагаў ягоных апрану ў ганьбу, а над ім расквітнее дыядэма». 
