﻿ПСАЛЬМЫ.
130.
Сьпеў узыходжаньня. З глыбіні я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ! 
Госпадзе, пачуй голас мой! Няхай вушы Твае зважаюць на голас маленьня майго! 
Калі Ты будзеш памятаць пра беззаконьні, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе мой, хто ўстаіць? 
Бо ў Цябе прабачэньне, каб мелі страх перад Табою. 
Спадзяюся на ГОСПАДА, спадзяецца душа мая, і ў слове Ягоным маю спадзяваньне. 
Душа мая чакае на Госпада больш, чым стораж раніцы, чым стораж раніцы. 
Спадзявайся, Ізраілю, на ГОСПАДА, бо ў ГОСПАДА міласэрнасьць і шчодрасьць збаўленьня, 
і Ён выбавіць Ізраіль ад усіх беззаконьняў ягоных. 
