﻿ПСАЛЬМЫ.
129.
Сьпеў узыходжаньня. Шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, — няхай скажа Ізраіль, — 
шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, але мяне не перамаглі. 
На хрыбце маім аралі аратыя, праганяючы доўгія барозны свае. 
ГОСПАД праведны, Ён расьсек вяроўкі бязбожнікаў. 
Няхай будуць асаромленыя і адступяцца назад усе, што ненавідзяць Сыён! 
Няхай будуць яны, як трава на даху, якая раней, чым вырвуць яе, засыхае, 
і жнец не напоўніць ёю рукі сваёй, і вязальнік снапоў — жменяў сваіх. 
I ня скажа той, што міма праходзіць: «Дабраслаўленьне ГОСПАДА няхай будзе над вамі! Дабраслаўляем вас імем ГОСПАДА!» 
