﻿ПСАЛЬМЫ.
124.
Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Калі б не было з намі ГОСПАДА, — скажы, прашу, Ізраіль, — 
калі б не было з намі ГОСПАДА, калі паўстаў супраць нас чалавек, 
тады яны б нас жывымі праглынулі, калі гнеў іхні распаліўся на нас, 
тады б воды нас затапілі, струмень заліў бы душы нашыя, 
тады б воды бурлівыя залілі б душы нашыя. 
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не аддаў нас зубам іхнім, як здабычу. 
Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла птушкалова; сіло парванае, і мы ўцяклі! 
Дапамога нашая — у імені ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю. 
