﻿ПСАЛЬМЫ.
120.
Сьпеў узыходжаньня. Да ГОСПАДА я клікаў у бядзе маёй, і Ён адказаў мне. 
ГОСПАДЗЕ, вызваль душу маю ад вуснаў хлусьлівых, ад языка здрадлівага. 
Што дасьць табе і якую карысьць прынясе язык здрадлівы? 
Вострыя стрэлы волата і вугольле ядлоўцавае. 
Гора мне, што я жыву ў Мэшэха, што я пасяліўся каля намётаў Кедару! 
Вельмі доўга душа мая жыла сярод тых, што ненавідзяць супакой. 
Я — сам супакой; але, як толькі прамоўлю, яны пачынаюць вайну. 
