﻿ПСАЛЬМЫ.
112.
Альлелюя! Шчасьлівы той чалавек, які баіцца ГОСПАДА і ў прыказаньнях Ягоных мае ўпадабаньне вялікае. 
Магутным будзе на зямлі насеньне ягонае; пакаленьне правых будзе дабраслаўлёнае. 
Маёмасьць і багацьце ў доме ягоным, і праведнасьць ягоная будзе трываць вечна. 
Узыходзіць у цемры сьвятло правым, літасьцівы і спагадлівы, і праведны Бог. 
Добра чалавеку, які літуецца і пазычае, які справы свае вядзе згодна з судом. 
Бо ён ніколі не пахісьнецца; у вечнай памяці будзе праведнік. 
Ня будзе баяцца, чуючы вестку благую; моцнае сэрца ягонае, ён спадзяецца на ГОСПАДА. 
Умацаванае сэрца ягонае, ён ня будзе баяцца, аж пакуль угледзіць загубу прыгнятальнікаў сваіх. 
Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная трывае вечна, рог ягоны ўзьнімецца ў славе. 
Угледзіць гэта бязбожнік і будзе злаваць, скрыгатаць ён будзе зубамі і змарнее, і жаданьне бязбожніка загіне. 
