﻿ПСАЛЬМЫ.
111.
Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе. 
Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх. 
Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна. 
Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы. 
Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой. 
Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў. 
Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя, 
замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і справядлівасьці. 
Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае! 
Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум маюць усе, што дзейнічаюць у страху Божым. Хвала Ягоная трывае вечна. 
