﻿ПСАЛЬМЫ.
110.
Псальм Давіда. Сказаў ГОСПАД Госпаду майму: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа пад стопы Твае!» 
Кій моцы тваёй пашле ГОСПАД з Сыёну: «Мей уладу сярод ворагаў тваіх!» 
Народ твой у дзень магутнасьці тваёй ахвотна зьбярэцца ў аздобе сьвятой; як раса з улоньня сьвітаньня будзе маладосьць твая. 
Прысягнуў ГОСПАД і не раскаецца: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка». 
Госпад праваруч цябе ў дзень гневу Свайго скрышыць валадароў, 
будзе судзіць народы, усё напоўніць трупамі, скрышыць галаву, што пануе над многімі землямі. 
Са струменя нап’ецца ў дарозе і дзеля таго ўзвысіць галаву. 
