﻿ПСАЛЬМЫ.
109.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы! 
Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым. 
І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны. 
За любоў маю яны супрацьстаяць мне, а я малюся. 
Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцю — за любоў маю. 
Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго; 
калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам. 
Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы. 
Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою. 
Няхай будуць выгнаныя як выгнанцы сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць хлеба на руінах сваіх! 
Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную. 
Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі. 
Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае! 
Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты! 
Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго, 
бо ён ня памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага, і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго. 
Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго! 
І ён апранецца ў праклён, быццам у шату сваю, і праклён увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей — у косткі ягоныя! 
Няхай будзе для яго як адзеньне, у якое ён апранаецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца! 
Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА для тых, што супраць­стаяць мне, і для тых, што благое гавораць супраць душы маёй! 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і выратуй мяне, бо добрая міласэрнасьць Твая, 
бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена. 
Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу. 
Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею. 
І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі. 
Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй! 
І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта! 
Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць супраць мяне, і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца! 
Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой! 
Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства народу буду хваліць Яго, 
бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную. 
