﻿ПСАЛЬМЫ.
99.
ГОСПАД валадарыць, няхай дрыжаць народы! Ён сеў на херувімаў, няхай узварухнецца зямля! 
Вялікі ГОСПАД на Сыёне, Ён узвысіўся па-над усімі народамі. 
Няхай славяць імя Ягонае вялікае і страшнае, бо сьвятое яно! 
І моц Валадара, Які любіць суд. Ты ўстанавіў справядлівасьць, Ты суд і праведнасьць учыніў у Якубе. 
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся каля падножжа стоп Ягоных, бо сьвяты Ён! 
Майсей і Аарон сярод сьвятароў Ягоных, і Самуэль сярод тых, што клічуць імя Ягонае; яны клікалі ГОСПАДА, і Ён адказаў ім. 
У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі сьведчаньні Ягоныя і пастановы, якія Ён даў ім. 
ГОСПАДЗЕ, Божа наш, Ты адказваў ім. Ты быў для іх Богам, Які прабачаў іх і адплочваў за ўчынкі. 
Узьвялічвайце ГОСПАДА, Бога нашага, і пакланіцеся перад гарой Яго сьвятою, бо сьвяты ГОСПАД, Бог наш! 
