﻿ПСАЛЬМЫ.
95.
Хадземце, будзем радавацца ў ГОСПАДЗЕ, усклікаць Скале збаўленьня нашага! 
Станьма перад абліччам Ягоным з падзякаю, гімны ўсклікайма Яму! 
Бо ГОСПАД ёсьць Бог вялікі і Валадар вялікі над усімі багамі. 
У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і Ягоныя вяршыні найвышэйшыя гор. 
Ягонае мора, бо Ён яго ўчыніў, і сухазем’е рукі Ягоныя ўкшталтавалі. 
Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзем, укленчым перад абліччам ГОСПАДА, Творцы нашага! 
Бо Ён — Бог наш, а мы — народ чарады Ягонай і авечкі рукі Ягонай. Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны: 
«Не рабіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у Мэрыве, як у дзень выпрабаваньня ў пустыні, 
дзе бацькі вашыя выпрабоўвалі Мяне, спакушалі Мяне, хоць і бачылі справы Мае! 
Сорак гадоў Я брыдзіўся пакаленьнем гэтым, і Я сказаў: “Яны — народ, што блукаецца сэрцам, і яны не спазналі шляхоў Маіх”. 
Дык Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у супачынак Мой». 
