﻿ПСАЛЬМЫ.
94.
Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 
Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 
Дакуль бязбожнікі, ГОС­ПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца? 
Дакуль будуць плявузгаць, прамаўляць дзёрзка? Дакуль будуць гаварыць усе злачынцы? 
Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 
Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 
і кажуць: «Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якуба!» 
Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 
Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 
Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам? 
ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 
Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго Закону Твайму, 
каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка. 
Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 
Бо вернецца суд да праведнасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 
Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства? 
Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у месцы маўчаньня. 
Калі я сказаў: «Хістаецца нага мая!», міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, умацавала мяне. 
Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю. 
Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы Тваёй? 
Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 
Але ГОСПАД стаўся ўмацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго. 
І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш. 
