﻿ПСАЛЬМЫ.
92.
Псальм. Сьпеў на дзень суботы. 
Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы! 
Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — уначы, 
на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы. 
Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца. 
Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае. 
Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага. 
Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі! 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны на вякі! 
Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі. 
І Ты ўзнясеш рог мой, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем. 
Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае. 
Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане. 
Насаджаныя ў Доме ГОСПАДА зелянеюць на пана­дворках Бога нашага. 
Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя, 
каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, Скала мая, і няма ў Ім беззаконьня. 
