﻿ПСАЛЬМЫ.
84.
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм. 
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў! 
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым. 
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой! 
Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны ўзносяць хвалу Табе. (Сэлях) 
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога да Цябе! 
Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем. 
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён. 
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях) 
Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго! 
Бо адзін дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу іншых; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня. 
Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць. 
ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца! 
