﻿ПСАЛЬМЫ.
80.
Кіраўніку хору: на лад: “Лілея сьведчаньня”. Псальм Асафа. 
Пастыру Ізраіля, прыхілі вуха! Ты, Які, як авечкі, водзіш Язэпа, Які на херувімах сядаеш, зазьзяй! 
Перад абліччам Эфраіма, і Бэн’яміна, і Манасы абудзі магутнасьць Тваю і прыйдзі збавіць нас! 
Божа, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! 
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, дакуль Ты будзеш у гневе пры малітве народу Твайго? 
Ты накарміў іх хлебам сьлёзаў і шчодра сьлязьмі напаіў іх. 
Ты паставіў нас як костку нязгоды дзеля суседзяў нашых, і ворагі нашыя кпяць з нас. 
Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! 
Ты вінаградную лазу вынес з Эгіпту, выгнаў народы і яе пасадзіў. 
Ты расчысьціў месца перад абліччам яе, і ўкараніў карані ейныя, і яна напоўніла зямлю. 
Горы пакрыліся ценем яе, і вецьце яе — як кедры Божыя. 
Яна пусьціла галіны свае аж да мора, і парасткі свае — да ракі. 
Чаму Ты раскідаў агароджу ейную, і кожны, хто ідзе дарогаю, абрывае яе? 
Дзік лясны падкопвае яе, і зьвер палявы пасьвіцца ў ёй. 
Божа Магуцьцяў, павярніся да нас, зірні з неба, і паглядзі, і наведай вінаградную лазу гэтую! 
Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, і парасткі, якія Ты для Сябе ўмацаваў. 
Яны спалены агнём і пасечаны, і гінуць ад гневу аблічча Твайго. 
Няхай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе! 
А мы не адступімся ад Цябе; ажыві нас, і мы будзем клікаць імя Тваё. 
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, вярні нас назад. Асьвяці нас абліччам Тваім, і будзем збаўленыя! 
