﻿ПСАЛЬМЫ.
78.
Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх! 
Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія. 
Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам, 
гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў. 
І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі гэта сынам сваім, 
каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі гэта сынам сваім. 
І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць, 
і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу. 
Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы. 
Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага. 
І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць. 
Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан. 
Ён расьсек мора і перавёў іх праз яго, і паставіў воды, як капу. 
І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным. 
Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані, 
і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды. 
Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой зямлі. 
Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх. 
І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?» 
Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?» 
І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля, 
бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае. 
І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба, 
і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага. 
Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь. 
Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы; 
і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора. 
І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх. 
І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім. 
Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх, 
як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў. 
Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя. 
І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху. 
Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога, 
і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні. 
І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім, 
і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму. 
А Ён, спагадлівы да іх, дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю, 
бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца. 
Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў зямлі бязьлюднай! 
І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля. 
Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту, 
калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан. 
І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць, 
спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі. 
І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы. 
Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню. 
І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам. 
І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў. 
Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў. 
І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама. 
І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню. 
І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла. 
І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная; 
і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, каб падзяліць спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля. 
Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі, 
і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы. 
І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго. 
Пачуў гэта Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем. 
І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей; 
і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка. 
І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся. 
Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя. 
Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі. 
І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла, 
і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх. 
І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма, 
а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў. 
І пабудаваў Ён як пад неба высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі. 
І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых. 
Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную. 
І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх. 
