﻿ПСАЛЬМЫ.
72.
Для Салямона. Божа, дай суд Твой валадару, і праведнасьць Тваю — сыну валадара. 
Няхай судзіць ён народ Твой у праведнасьці, і ўбогіх Тваіх — у правасудзьдзі. 
Няхай прынясуць горы супакой народу, і ўзгоркі — праведнасьць. 
Няхай ён судзіць убогіх з народу, выбаўляе сыноў беднякоў і скрышыць прыгнятальнікаў. 
Няхай баяцца Цябе пакуль будзе сонца і перад абліччам месяца з пакаленьня ў пакаленьне. 
Няхай ён зыходзіць, як дождж на атаву, як кроплі дажджу, што зямля ад іх вільгатнее. 
Няхай закрасуе праведнік у дні ягоныя, і будзе мноства супакою, аж пакуль месяц стаіць. 
І няхай ён мае ўладу ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі. 
Перад абліччам ягоным упадуць жыхары пустыні, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл. 
Валадары Таршышу і астравоў дары яму панясуць; валадары Шэвы і Сэвы прынясуць яму даніну. 
І паклоняцца яму ўсе валадары, усе народы будуць служыць яму. 
Бо ён ратуе беднага, калі той галосіць, і прыгнечанага, і таго, у каго няма дапамогі. 
Ён літуецца над гаротным і бедным і выбаўляе душы бедакоў. 
Ад ашуканства і гвалту вызваляе душы іхнія, і ў вачах ягоных кроў іхняя вельмі каштоўная. 
І будзе ён жыць, і даваць яму будуць золата Шэвы, і будуць маліцца за яго заўсёды, і будуць дабраслаўляць яго ўсе дні. 
І будзе дастатак збожжа на зямлі, на вяршынях гор; будуць шумець, як Лібан, каласы ягоныя, і мяшчане заквітнеюць, як трава на зямлі. 
І будзе імя ягонае на вякі, перад абліччам сонца будзе трываць імя ягонае, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы, і будуць шчасьлівыя ў ім. 
Дабраслаўлёны ГОСПАД Бог, Бог Ізраіля, Які Сам робіць цуды. 
І дабраслаўлёнае імя славы Ягонай на вякі, і няхай напоўніцца славай Ягонай уся зямля! Амэн, амэн! 
Канец малітвы Давіда, сына Есэя. 
