﻿ПСАЛЬМЫ.
66.
Кіраўніку хору. Сьпеў. Псальм. Радасна гукай для Бога, уся зямля! 
Сьпявайце славу імя Ягонага, узносьце славу і хвалу Яму! 
Кажыце да Бога: «Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля вялікасьці моцы Тваёй падпарадкоўваюцца Табе ворагі Твае. 
Уся зямля паклоніцца Табе і будзе выслаўляць Цябе, будзе выслаўляць імя Тваё». (Сэлях) 
Хадзеце і паглядзіце на дзеяньні Бога, страшнага ва ўчынках Сваіх адносна сыноў чалавечых. 
Ён перамяніў мора ў сухазем’е, праз раку мы перайшлі пехатою; там радаваліся мы ў Ім! 
Ён пануе ў магутнасьці Сваёй на вякі; вочы Ягоныя сочаць за народамі, каб бунтаўнікі не вывышаліся перад Ім. (Сэлях) 
Дабраслаўляйце, народы, Бога нашага, і няхай будзе чутны голас хвалы Ягонай. 
Ён дараваў жыцьцё душы нашай і ня даў пахіснуцца назе нашай. 
Бо Ты выспрабаваў нас, Божа! Ачысьціў нас, як ачышчаецца срэбра. 
Ты ўвёў нас у пастку, сьціснуў цяжкімі путамі сьцёгны нашыя. 
Ты пасадзіў чалавека на галовы нашыя; мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас на прастор. 
Увайду ў Дом Твой з цэласпаленьнямі, споўню Табе абяцаньні мае, 
якія прамовілі губы мае, і сказаў я вуснамі маімі ў бядзе маёй. 
Цэласпаленьні з тлустых авечак прынясу Табе з дымам баранаў; дам Табе валоў і казлоў. (Сэлях) 
Хадзеце, паслухайце, і я раскажу ўсім, хто Бога баіцца, што Ён учыніў для душы маёй. 
Да Яго я клікаў вуснамі маімі, і ўзьвялічваньне было на языку маім. 
Калі б я глядзеў на нягоднае ў сэрцы маім, Госпад мяне б не пачуў! 
Але Бог пачуў і зьвярнуў увагу Сваю на голас малітвы маёй. 
Дабраслаўлёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і міласэрнасьці Сваёй не пазбавіў мяне! 
