﻿ПСАЛЬМЫ.
65.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў. 
Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні. 
Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца. 
Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя. 
Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем Дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй. 
Страшнымі ўчынкамі ў праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора, 
Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю, 
Які суцішае шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу. 
І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш. 
Ты наведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе. 
Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш. 
Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць, 
разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю, 
апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць. 
