﻿ПСАЛЬМЫ.
64.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
Пачуй, Божа, голас мой у смутку маім! Ад страху перад ворагам захавай жыцьцё маё! 
Схавай мяне ад таемных намераў злачынцаў, ад грамады тых, што чыняць нягоднае, 
якія навастрылі як меч язык свой, нацягнулі лук са стрэламі сваімі — горкімі словамі, 
каб страляць з засады ў беззаганнага; зьнянацку страляюць яны ў яго і не баяцца. 
Яны ўмацоўваюць сябе ў справах ліхіх; змаўляюцца пастку наставіць таемна; яны кажуць: «Хто гэта ўбачыць?» 
Яны шукаюць беззаконьня, мы гінем праз задумы беззаконныя! Бо нутро чалавека і сэр­ца — глыбокія воды. 
І стрэліць Бог у іх стралою, зьнянацку атрымалі яны ўдар, 
і яны спатыкнуліся праз язык свой; і ўцякаюць усе, хто іх убачыў. 
І будуць баяцца ўсе людзі, і будуць апавядаць пра справы Божыя, і будуць разважаць пра тое, што Ён учыніў. 
Узрадуецца праведнік у ГОСПАДЗЕ і будзе мець надзею ў Ім, і будуць хваліць Яго ўсе шчырыя сэрцам. 
