﻿ПСАЛЬМЫ.
63.
Псальм Давіда, калі ён быў у пустыні Юдэйскай. 
Божа! Ты — Бог мой! Цябе я шукаю, Цябе прагне душа мая, па Табе тужыць цела маё ў сухой і спрагнёнай зямлі, на бязводзьдзі. 
Гэтак я ўглядаўся на Цябе ў сьвятасьці Тваёй, каб убачыць моц Тваю і славу Тваю. 
Бо міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць. 
Гэтак буду я дабраслаўляць Цябе ў жыцьці маім, у імя Тваё буду рукі мае ўзьнімаць. 
Быццам тлушчам і тлустасьцю насычаецца душа мая, і сьпевам хвалы будуць хваліць Цябе вусны мае, 
калі я на ложку маім пра Цябе ўспамінаю, калі ў часе варты начной пра Цябе разважаю. 
Бо Ты быў успамогай мне, і ў ценю крылаў Тваіх буду весяліцца. 
Прыляпілася да Цябе душа мая, падтрымлівае мяне правіца Твая. 
А тыя, што шукаюць загубы душы маёй, пойдуць у глыбіні зямлі, 
будуць аддадзены яны ў рукі мяча, стануцца здабычай шакалаў. 
І валадар узрадуецца ў Богу; і будзе хваліцца кожны, хто Ім прысягае, бо будуць заткнёныя вусны таго, хто гаворыць хлусьню. 
