﻿ПСАЛЬМЫ.
62.
Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда. 
Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё. 
Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся. 
Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе хочаце забіць яго, як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца. 
Яны толькі і радзяцца, як скінуць яго з высачыні; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях) 
Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё. 
Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся. 
У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу. 
На Яго спадзявайся ў кожны час, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях) 
Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — хлусьня; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць! 
Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце! 
Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога. 
І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных. 
