﻿ПСАЛЬМЫ.
59.
Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб яго забіць. 
Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне. 
Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых. 
Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ! 
Без ніякай віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца супраць мяне. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі! 
Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях) 
Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола. 
Вось, пена спадае з пашчаў іхніх, у вуснах іхніх — мячы, бо кажуць яны: "Хто гэта чуе?" 
Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў! 
Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой! 
Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець перамогу над ворагамі маімі. 
Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш! 
Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай яны будуць злоўлены ў фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, якія абвяшчаюць. 
Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях) 
Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола. 
Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць. 
А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго. 
Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны! 
