﻿ПСАЛЬМЫ.
56.
Кіраўніку хору: на лад “Галубка бязмоўная ў мясьцінах далёкіх”. Залатая песьня Давіда, калі яго ў Гаце схапілі Філістынцы. 
Зьлітуйся нада мною, Божа, бо прагне праглынуць мяне чалавек; усякі дзень нападаючы, уціскае мяне. 
Прагнуць праглынуць мяне ворагі мае ўвесь дзень, бо шмат іх ваюе супраць мяне, Найвышэйшы! 
У дзень, калі я баюся, я спадзяюся на Цябе. 
У Богу буду хваліцца словам Ягоным. На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што цела можа зрабіць мне? 
Штодзень яны перакручваюць словы мае; супраць мяне ўсе думкі іхнія, каб учыніць мне зло. 
Яны зьбіраюцца і хаваюцца, яны высочваюць сьляды мае, бо цікуюць на душу маю. 
Дзеля злачынства іхняга будзь выратаваньнем для мяне, у гневе Тваім адкінь народы, Божа! 
Туляньне маё Ты мне залічыў. Зьбяры сьлёзы мае ў мяхі Твае, бо яны запісаныя ў кнізе Тваёй! 
Тады павернуць наўцёкі ворагі мае ў дзень, калі паклічу. Я ведаю, што Бог са мною! 
У Богу буду хваліцца словам, у ГОСПАДЗЕ буду хваліцца словам Ягоным. 
На Бога я спадзяюся, ня буду баяцца. Што можа зрабіць мне чалавек? 
На мне, Божа, абяцаньні Твае, дык прынясу падзяку Табе, 
бо Ты вызваліў душу маю ад сьмерці і стопы мае ад падзеньня, каб хадзіў я перад абліччам Бога ў сьвятле жывых. 
