﻿ПСАЛЬМЫ.
49.
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм. 
Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага! 
Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя. 
Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя. 
Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры гуках гусьляў загадку маю. 
Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне тых, якія нападаюць на мяне, 
якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца? 
Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу, 
бо вельмі дарагая цана за душу ягоную, і зрачыся гэтага мусіць на вякі, 
каб ён жыў заўсёды і ня ўбачыў парахненьня. 
Бо кожны бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё. 
Думкі іхнія пра тое, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі цэлыя землі. 
Але чалавек у славе доўга трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, якая гіне. 
Гэткі шлях іхні, тых, якія спадзяюцца на сябе, і тых, якім словы вуснаў іхніх да­спа­добы. (Сэлях) 
Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе. 
Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях) 
Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага, 
бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім. 
Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе, 
ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла. 
Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, якая гіне. 
