﻿ПСАЛЬМЫ.
45.
Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. 
Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я расказваю твор мой пра Валадара. Язык мой — як пёрка спраўнага пісара. 
Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў Тваіх! Таму дабраславіў Цябе Бог на вякі. 
Падперажы, Волаце, паясьніцу мячом Тваім, славай Тваёй і веліччу Тваёй! 
І ў велічы Тваёй мей посьпех, сядзь пераможна са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца Твая няхай навучыць цябе страху Божаму. 
Стрэлы Твае вострыя, народы ўпадуць пад ногі Твае, яны скіраваныя ў сэрцы ворагаў Валадара. 
Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. 
Ты палюбіў праведнасьць і ўзьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой, алеем радасьці больш за таварышаў Тваіх. 
Усё адзеньне Тваё — быццам міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае граньне на струнах вяселіць Цябе. 
Дочкі валадароў сярод шанаваных Тваіх; сужонка Валадара стаіць праваруч Цябе ў шчырым золаце з Афіру. 
«Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. 
І калі Валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад Ім, бо Ён — Госпад твой». 
I дачка Тыру з дарам прыйдзе перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. 
Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. 
У вопратках рознакаляровых вядуць яе да Валадара; дзяўчыны ідуць за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе. 
Іх вядуць у радасьці і вясёласьці, і ўваходзяць яны ў палац Валадара. 
Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. 
Я зраблю памятным імя Тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць Цябе на вякі вечныя. 
