﻿ПСАЛЬМЫ.
42.
Кіраўніку хору. Навучаньне сыноў Караха. 
Як лань прагне вады з ручая, так душа мая, Божа, прагне Цябе! 
Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі ж я прыйду і ўбачу аблічча Бога? 
Сьлёзы мае былі хлебам маім дзень і ноч, калі да мяне гаварылі ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?» 
Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў грамадзе шматлюднай, вядучы яе ў Дом Божы з голасам радасьці і падзякі мноства сьвяточнага. 
Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго. 
Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Ярданскай, з гор Гермону, з гары Міцар я пра Цябе ўспамінаю. 
Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі праз мяне. 
Удзень ГОСПАД зьявіць міласэрнасьць Сваю, а ўначы сьпеў Ягоны будзе са мною, малітва да Бога жыцьця майго. 
Да Бога кажу я: «Скала мая! Чаму Ты забыўся пра мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?» 
Як рана ў костках маіх, зьневажалі мяне ворагі мае, гаворачы мне ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?» 
Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго! 
