﻿ПСАЛЬМЫ.
41.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
Шчасьлівы той, хто гаротных разумее; у дзень ліхі ГОС­ПАД збавіць яго. 
ГОСПАД захавае яго і дасьць яму жыць; ён будзе шчасьлівы на зямлі, і Ты не аддасі яго на волю ворагаў ягоных. 
ГОСПАД умацуе яго на ложку немачы; увесь ложак ягоны Ты пераменіш у немачы ягонай. 
Я сказаў: «ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною! Вылечы душу маю, бо я саграшыў перад Табою». 
Ворагі мае кажуць ліхое пра мяне: «Калі ж ён памрэ, і будзе зьнішчана імя ягонае?» 
І калі хто прыйдзе пабачыць мяне, гаворыць марнае, сэрца ягонае напаўняецца зласьлівасьцю, і як выйдзе, гаворыць гэта. 
Разам сабраўшыся, шэпчуцца супраць мяне тыя, што ненавідзяць мяне, выдумляючы ліхое на мяне: 
«Слова Бэліяла вылілася на яго; калі ён зьлёг, больш ня ўстане!» 
Нават чалавек супакою майго, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, падняў на мяне пяту. 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною і падымі мяне, каб я аддаў ім адплату! 
З таго я пазнаю, што Ты зычлівы да мяне, калі вораг мой радасна гукаць ня будзе, 
але ў беззаганнасьці маёй Ты падтрымаеш мяне і паставіш мяне перад абліччам Тваім на вякі. 
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі. Амэн, амэн! 
