﻿ПСАЛЬМЫ.
40.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
Спадзеючыся, спадзяваўся я на ГОСПАДА, і Ён схіліўся да мяне, і пачуў лямант мой. 
І вывеў мяне з ямы бурлівае, з твані балотнае, і паставіў на скале ногі мае, і ўзмоцніў крокі мае. 
І даў у вусны мае новы сьпеў, хвалу Богу нашаму. Шматлікія ўбачаць гэта, і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на ГОСПАДА. 
Шчасьлівы чалавек, які пэўнасьць сваю мае ў ГОСПАДЗЕ, і не зьвяртаецца да ганарыстых і тых, якія прыхіляюцца да няпраўды. 
Шмат учыніў Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, цудаў Тваіх, а намеры Твае дзеля нас ні з чым не параўнаеш перад Табою. Калі б я іх апавядаў і пра іх гаварыў, іх шматкроць больш, чым можна палічыць. 
Ахвяры і дары не даспадобы Табе; вушы Ты мне расчыніў. Цэласпаленьняў і ахвяры за грэх Ты не вымагаеш. 
Тады я сказаў: «Вось, я іду! У скрутку кнігі напісана пра мяне». 
Рабіць тое, што падабаецца Табе, Божа мой, я жадаю, і Закон Твой — у нутры маім. 
Я дабравесьціў пра праведнасьць у царкве вялікай; вось жа, вуснаў сваіх я ня стрымліваў, Ты ведаеш гэта, ГОСПАДЗЕ. 
Праведнасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, пра вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё я казаў, міласэрнасьці Тваёй і праўды Тваёй перад царквой вялікай ня ўтоіваў. 
ГОСПАДЗЕ, ня стрымлівай літасьці Тваёй адносна мяне; міласэрнасьць Твая і праўда Твая няхай заўсёды захоўваюць мяне, 
бо агарнулі мяне ліхоцьці бяз ліку, дагналі мяне правіны мае, ажно не магу я іх палічыць, іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне. 
Мей ласку, ГОСПАДЗЕ, вызваліць мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне! 
Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што шукаюць душы маёй, каб зьнішчыць яе; няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё. 
Няхай аслупянеюць у сораме сваім тыя, якія кажуць мне: «Ага, ага!» 
Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАДЗЕ!» 
Хоць я бедны і прыгнечаны, Госпад мой клапоціцца пра мяне. Ты — успамога мая і ратунак мой! Не затрымлівайся, Божа мой! 
