﻿ПСАЛЬМЫ.
39.
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Давіда. 
Я сказаў: «Буду захоўваць шлях мой, каб не саграшыць языком маім! Буду захоўваць вусны мае вуздою, пакуль бязбожнік перада мною». 
Я зьнямеў у маўчаньні; маўчаў пра добрае, але боль мой нішчыў мяне. 
Распалілася сэрца маё ў нутры маім; ва ўздыханьні маім запалаў агонь, і я прамовіў языком маім. 
Дай мне ведаць, ГОСПАДЗЕ, канец мой і меру дзён маіх, якая яна. Дай мне ведаць, які я нетрывалы! 
Вось, на некалькі пядзяў Ты даў дні мае, і век мой — як нішто перад Табою! Толькі ўсякай марнасьцю ёсьць кожны чалавек, нават у сіле. (Сэлях) 
Толькі як здань ходзіць чалавек, і ёсьць толькі марнасьцю; ён трывожыцца, прагавіта зьбірае і ня ведае, хто забярэ гэта. 
І цяпер, на што яшчэ я спадзяюся, Госпадзе? Надзея мая ў Табе! 
Ад усіх правінаў маіх выратуй мяне; на ганьбаваньне ад бязглуздых ня стаў мяне. 
Я зьнямеў, не адчыняю вуснаў маіх, бо Ты зрабіў гэта. 
Забяры ад мяне караньне Тваё, ад удараў рукі Тваёй я зьнікаю. 
Дакараньнем за беззаконьне Ты караеш чалавека і нявечыш, як ад молі, прагненьні ягоныя. Толькі марнасьцю ёсьць кожны чалавек! (Сэлях) 
Пачуй малітву маю, ГОСПАДЗЕ, і прыхілі вуха да ляманту майго! Не маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе і пасяленец, як і ўсе бацькі мае. 
Не ўглядайся на мяне, каб я павесялеў перад тым, як зыйду, і ня будзе мяне! 
