﻿ПСАЛЬМЫ.
38.
Псальм Давіда. Напамін. 
ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне! 
Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая. 
Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго. 
Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне. 
Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй. 
Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу, 
бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі ранамі, і няма цэлага месца ў целе маім. 
Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго. 
Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае. 
Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне. 
Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне. 
Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло на мяне; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць. 
А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх. 
І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных. 
Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Гос­падзе, Божа мой! 
Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною». 
Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною. 
Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго. 
А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць. 
Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся. 
Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне! 
Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё! 
