﻿ПСАЛЬМЫ.
34.
Псальм Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе. 
Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх. 
У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць пра гэта ўцісканыя і ўзрадуюцца. 
Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае! 
Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне. 
Глядзіце на Яго і зыходзьцеся да Яго, і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе. 
Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў яго, і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных. 
Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх. 
Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею. 
Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго. 
Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця. 
Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ. 
Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць доўгія дні, каб убачыць добрае? 
Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага. 
Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго. 
Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні. 
Аблічча ГОСПАДА — суп­раць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх. 
Праведныя крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх. 
ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты. 
Шмат ліхога здараецца ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД. 
Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі. 
Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага. 
ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя. 
