﻿ПСАЛЬМЫ.
33.
Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала. 
Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным! 
Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце Яму пад трубныя гукі. 
Бо слушнае слова ГОСПАДА, і ўсе творы Ягоныя верныя. 
Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля. 
Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія. 
Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў. 
Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету. 
Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала. 
ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў. 
Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне. 
Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе. 
З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых; 
з месца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі. 
Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія. 
Ня будзе збаўлены валадар войскам вялікім, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю; 
ненадзейны конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня. 
Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную, 
што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў час голаду. 
Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш. 
Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся. 
Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся! 
