﻿ПСАЛЬМЫ.
31.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею, ня дай мне асароміцца на вякі, у праведнасьці Тваёй выратуй Ты мяне! 
Прыхілі да мяне вуха Тваё, хутчэй выратуй мяне! Будзь для мяне скалою, каб абаперціся мне, домам умацаваным, каб збавіць мяне! 
Бо Ты — скала мая і замчышча маё, дзеля імя Твайго Ты будзеш весьці мяне і накіроўваць мяне. 
Ты мяне выцягнеш з сеці, якую таемна наставілі супраць мяне, бо Ты — апора мая. 
У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты выбавіў мяне, ГОСПАДЗЕ, Бог праўды. 
Ненавіджу я тых, што захоўваюць ілжывую марнасьць, бо я на ГОСПАДА спадзяюся. 
Я буду радавацца і весяліцца праз міласэрнасьць Тваю, бо Ты глянуў на пакуты мае, спазнаў трывогі душы маёй, 
і не аддаў мяне ў рукі ворага, паставіў ногі мае на вольны прастор. 
Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я — прыгнечаны. Ад тугі высахла вока маё, і душа мая, і нутро маё. 
Бо зьнікае ў смутку жыцьцё маё, і гады мае — ва ўздыханьні. Спатыкнулася ў беззаконьні маім сіла мая, і высахлі косткі мае. 
Я стаўся ганьбаю для ўсіх, што ўціскаюць мяне, і нават для суседзяў маіх, страхоцьцем — для знаёмых маіх; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне. 
Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я стаўся як посуд разьбіты. 
Бо я чуў зласлоўе ад многіх, жах наўкола! Яны сабраліся разам супраць мяне, яны задумалі ліхое, каб забраць душу маю. 
Але я на Цябе спадзяюся, ГОСПАДЗЕ! Я кажу: «Ты — мой Бог!» 
У руцэ Тваёй час мой; выратуй мяне з рукі ворагаў маіх і тых, якія перасьледуюць мяне. 
Няхай сьвеціць аблічча Тваё над слугою Тваім; збаў мяне праз міласэрнасьць Тваю! 
ГОСПАДЗЕ, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я клічу! Няхай асаромяцца бязбожнікі, няхай яны змоўкнуць у пекле, 
няхай занямеюць вусны хлусьлівыя, якія кажуць дзёрзка супраць праведніка з пыхлівасьцю і пагардай! 
Якая вялікая добрасьць Твая, якую Ты захоўваеш для тых, што баяцца Цябе, і якую ўчыняеш тым, што маюць надзею ў Табе насуперак сынам чалавечым! 
Пад заслонай аблічча Твайго Ты хаваеш іх ад закалотаў людзкіх, Ты засланяеш іх, як у намёце, ад языкоў, якія звадку прыносяць. 
Дабраслаўлёны ГОСПАД, бо Ён учыніў мне цуды міласэр­насьці ў горадзе ўмацаваным. 
А я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Я адкінуты ад вачэй Тваіх!» Але Ты пачуў голас маленьня майго, калі я галасіў да Цябе! 
Любіце ГОСПАДА, усе багабойныя Ягоныя! Верных захоўвае ГОСПАД, але тым, якія дзейнічаюць пыхліва, Ён адплочвае з лішкам. 
Будзьце цьвёрдыя і ўмацуйце сэрца вашае, вы, якія спадзяецеся на ГОСПАДА! 
