﻿ПСАЛЬМЫ.
26.
Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся. 
Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё! 
Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй. 
Я не сяджу з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду хадзіць. 
Я ненавіджу сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець разам. 
Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ, 
каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць усе цуды Твае. 
ГОСПАДЗЕ, я палюбіў сядзібу Дому Твайго і месца Сялібы славы Тваёй. 
Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі, 
у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі. 
А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Вызвалі Ты мяне і зьлітуйся нада мною! 
Нага мая на роўным месцы стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА. 
