﻿ПСАЛЬМЫ.
18.
Кіраўніку хору. Слугі ГОСПАДА Давіда, які выказаў ГОСПАДУ словы сьпеву гэтага ў дзень, калі ГОСПАД вызваліў яго з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла, і ён сказаў гэта. 
Буду любіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сіла мая! ГОСПАД — скала мая, замчышча маё, мой Збаўца! 
Мой Бог — апора мая, у Ім я маю надзею; Ён — шчыт мой, рог збаўленьня майго і ўмацаваны замак мой! 
Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду. 
Ахапілі мяне путы сьмерці, і віры Бэліяла стурбавалі мяне; 
путы пякельныя агарнулі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне. 
У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных. 
І, дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны гор затрэсьліся і захісталіся, бо ўгнявіўся Ён. 
Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы, вугольле распальваецца ад Яго. 
Нахіліў Ён неба і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі. 
Ён сеў на херувіма і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру. 
Ён зрабіў цемру заслонай Сваёй, вакол Яго — намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў. 
Ад бляску перад Ім разыйшліся хмары Ягоныя, град і вугольле вогненнае. 
І загрымеў у небе ГОС­ПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой, град і вугольле вогненнае. 
І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх. 
І сталі бачныя рэчышчы водаў, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОС­ПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго. 
Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх, 
вызваліў мяне ад ворага майго моцнага і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны былі дужэйшыя за мяне. 
Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне. 
І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае. 
ГОСПАД даў мне паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх мне аднагародзіў, 
бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА і не адступаў бязбожна ад Бога майго; 
бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся. 
Я быў беззаганны перад Ім і захоўваў сябе ад беззаконьня. 
І аднагародзіў мне ГОС­ПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чысьціні рук маіх перад вачыма Ягонымі. 
З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны, 
для чыстага сэрцам Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага Ты падступны, 
бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш. 
Ты запаліш сьветач мой; ГОСПАД, Бог мой, асьветліць цемру маю. 
Бо з Табою я атакую войскі і з Богам маім узыйду на муры. 
Бог, беззаганны шлях Ягоны; слова ГОСПАДА чыстае; Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею. 
Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА, і хто скала, акрамя Бога нашага? 
Бог, Які падпярэзвае мяне сілай і дае беззаганнасьць шляху майму; 
Ён робіць ногі мае як у аленя і на вышыні ставіць мяне, 
Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны. 
І Ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая ўмацоўвала мяне, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвала мяне. 
Ты даў прастору для кроку майго, і не хісталіся ногі мае. 
Я перасьледаваў ворагаў маіх і даганяў іх, і не варочаўся назад, пакуль ня зьнішчыў іх. 
Я гэтак скрышыў іх, што яны не маглі ўстаць; яны падалі пад ногі мае. 
Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне. 
Ты даў мне бачыць карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў. 
Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць; яны клікалі да ГОСПАДА, але Ён не адказаў ім. 
Я стоўк іх, як той пыл пад ветрам, як балота на вуліцы, я стаптаў іх. 
Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву народам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне. 
Чуючы вушамі пра мяне, яны слухаюцца мяне; сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне. 
Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх. 
Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая; і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго, 
Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною, 
выратаваў мяне ад ворагаў маіх і ўзвысіў мяне па-над тымі, якія паўсталі супраць мяне; ад чалавека злачыннага вызваліў мяне. 
Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў і імя Тваё выслаўляць. 
Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьяўляеш міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі. 
