﻿ПСАЛЬМЫ.
15.
Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ! Хто будзе жыць у намёце Тваім, хто паселіцца на гары Тваёй сьвятой? 
Той, хто ходзіць беззаганна, і чыніць праведнасьць, і кажа праўду ў сэрцы сваім, 
хто языком сваім не ачарніў, не ўчыніў ліхога бліжняму свайму і ня ўзьвёў ганьбы на таго, хто побач, 
які таго, хто пагарджае Богам, адкідае з вачэй сваіх, а таго, хто баіцца ГОСПАДА, ушаноўвае; той, хто са шкодай для сябе прысягаў, але гэтага не зьмяняў; 
хто срэбра свайго на ліхву не аддаваў і хабару супраць нявіннага ня браў. Хто гэтак робіць, не пахісьнецца на вякі! 
