﻿ПСАЛЬМЫ.
12.
Кіраўніку хору: на актаву. Псальм Давіда. 
Збаў, ГОСПАДЗЕ, бо ня стала багабойных, бо верныя зьніклі сярод сыноў чалавечых. 
Марнасьць прамаўляе кожны да бліжняга, вуснамі лісьлівымі і сэрцам дваістым гавораць. 
Няхай адсячэ ГОСПАД усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе, 
тых, якія кажуць: «Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі! Хто гаспадар для нас?» 
«За злачынствы супраць прыгнечаных, за стогны ўцісканых паўстану цяпер, — кажа ГОСПАД, — пастаўлю ў бясьпецы таго, на якога дыхаюць пагрозай». 
Словы ГОСПАДА — чыстыя словы, срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, сямікроць ператопленае. 
Ты, ГОСПАДЗЕ, абарані іх, захавай іх ад пакаленьня гэтага на вякі. 
Навокал ходзяць бязбожнікі, бо сярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя. 
