﻿ПСАЛЬМЫ.
10.
Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі? 
Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў. 
Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ. 
Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае Бога. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго. 
Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх грэбліва дзьмухае ён. 
Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе ў мяне». 
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства. 
Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым. 
Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю. 
Ён згінаецца, туліцца да зямлі, і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых. 
Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!» 
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых! 
Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць гэтага»? 
Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць аднагароду рукою Тваёй. Табе пакідае свой лёс нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце. 
Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці. 
ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай. 
Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё, 
каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі! 
